Ведаеце, а я ведаю, якая чакае будучыня гэтага хлопчыка.
Лукашэнка ў яго галаве застанецца сьмешным гістарычным пэрсанажам. Вядома, ён будзе расказваць, што выходзіў на Плошчу. Браў удзел у рэвалюцыі. Застануцца рамантычныя ўспаміны, але сам Лукашэнка хутка забудзецца.
Ён будзе вучыцца па новых беларускіх падручніках. У іх ня будзе прапаганды пра 90-я, і як Лукашэнка падняў краіну з кален. Ён будзе ведаць імёны князёў ВКЛ і і сапраўдную беларускію гісторыю. У класе будуць вісець нацыянальныя сымбалі, там дзе яшчэ пару год таму віселі партрэты галоўнакамандаючага.
Яго зь сябрамі ня будуць заганяць на суботнікі, гвалтам запісваць у БРСМ. Ён зможа сам выбіраць, як яму думаць, у якіх арганізацыях удзельнічаць, і за каго галасаваць. Магчыма, ён створыць свой стартап і паедзе скараць Каліфорнію.
Пра Каранавірус таксама забудуцца, як і забудуцца на Лукашэнку. Межы будуць для беларусаў адкрытыя. Хлопчык будзе падарожнічаць на выходных у эўрапейскія краіны, вывучаць замежныя мовы. І абавязкова вяртацца дадому.
Ён будзе адчуваць сябе гаспадаром у сваёй краіне. Гэта самае галоўнае. Ён ніколі ня скажа, што пражыў усё жыцьцё пры Лукашэнку. І ведаеце, я яму трошкі заздрошчу.